КАДР

...І пакуль я была вандроўніцай,

хацела ўва сьне разгадаць таямніцу

і таемна хацела любоў разгадаць.



Вывучала як яна пішацца

паводле артаграфічнага.

У тлумачальным

знайшла яе вызначэньне.

Слоўнік сынонімаў падказвае,

што яе можна назваць па-рознаму.

Слоўнік замежных словаў кажа,

што яна існуе і ў іншых мовах.

Слоўнік геаграфічных назваў паведамляе,

што яна распаўсюджаная паўсюль.

Энцыкляпэдыя вядомых людзей

выявіла:

усе на яе перахварэлі.



Нягледзячы на ўсе тлумачэньні,

я не спазнала цябе,

хоць ты паказала мне,

што ты ня проста шчасьце –

ты веды пра шчасьце;



што кожны раз цябе трэба

каштаваць асьцярожна,

як слодыч,

якім частуесься ўпершыню;



што калі ад цябе адны пытаньні

і ніякіх адказаў,

то трэба сысьці



і



з табой застануцца толькі словы,

бо іх існаваньне

засьведчанае.



Яны хаваюць сакрэт.



“...і калі жыцьцё працягваецца,

і ў цябе ёсьць гісторыя

і той, каму можна яе расказаць...”



Далей – як у фільме...



Канец.

მთარგმნელი:ალესია ბაშარიმოვა

ნატო ინგოროყვა – © 2013. ყველა უფლება დაცულია.